БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ТАЎ 1905.
Пачалося 21.12.1905 як паліт. стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снеж. 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй к-та Баранавіцкага аддзялення Усерас. чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М.Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыг. брыгады. 23—24 снеж. мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзбр. выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снеж. прыбылі пагранічныя войскі, 26 снеж. — карная экспедыцыя ген. Арлова. У горадзе ўведзена ваен. становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (Ляпко, І.Бачэўскі, К.Гайдамовіч, А.Друкаў, М.Мухін і інш.) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снеж. салдаты чыг. батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемар. дошка і стэла.
т. 2, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)